Главная » 2012»Октябрь»5 » Людзі ў сінім, або 15 міфаў аб прафесіі кантралёра грамадскага транспарту
Людзі ў сінім, або 15 міфаў аб прафесіі кантралёра грамадскага транспарту
14:45
Якіх толькі гісторый людзі не прыдумалі пра кантралёраў. Дарэчы, у сталіцы ўсе яны працуюць у філіяле агенцтва "Мінсктранс". Паслухаеш аповеды знаёмых — дзіву даешся, якія гэта злыя і неадукаваныя людзі. Я вырашыла праверыць некалькі найбольш распаўсюджаных міфаў пра гэтую прафесію. І сонечнай восеньскай раніцай адправілася на рабочую змену з брыгадай кантралёраў. Людміла Мулярчык і Валянціна Левановіч працуюць кантралёрамі ўжо каля дзесяці гадоў. За гэты час з імі здаралася шмат гісторый. Нават і на "маёй" змене не абышлося без іх. Але пра ўсё па парадку.
Міф 1: У кантралёраў свабодны працоўны графік: колькі хочуць — столькі і працуюць.
Няпраўда. Кантралёры філіяла агенцтва "Мінсктранс" працуюць ў дзве змены: з 7.30 да 16.00 і з 12.30 да 21.00. Падчас змены яны павінны знаходзіцца на сваёй працоўнай тэрыторыі, тры разы за змену ім трэба ў розны час адзначыцца на дыспетчарскіх станцыях горада. Акрамя таго, ёсць яшчэ і начальнікі змен, якія кантралююць іх працу.
Міф 2: У пачатку і ў канцы месяца кантралёраў становіцца больш.
Няпраўда. Кажуць людзі, што ў канцы месяца кантралёраў становіцца больш: яны "наводзяць жах на пасажыраў, каб тыя купілі праязныя білеты, а ў пачатку месяца кантралёры "ловяць" тых, хто папярэджанне праігнараваў. Сярэдзіна месяца спакойная — кантралёры адпачываюць. Насамрэч гэта не так. Кантралёры працуюць цэлы месяц у адным рэжыме. Па аўторках, серадах і чацвяргах на прыпынках грамадскага транспарту кантралёраў можна сустрэць часцей — гэта дні, калі ўвесь штат задзейнічаны поўнасцю. Субота і нядзеля — таксама працоўныя дні для некаторых кантралёраў.
Міф 3: Я не аплаціў праезд, і ў салон зайшоў кантралёр. Я магу набыць у яго білет.
Няпраўда. Пасажыру даецца права аплаціць праезд да наступнага прыпынку. Ён можа набыць білет загадзя (на прыпыначным пункце) або ў вадзіцеля падчас прыпынку да пачатку паездкі. Абавязак кантралёра — праверыць наяўнасць аплаты за праезд ва ўсіх пасажыраў салона. І толькі пасля гэтага, калі камусьці з пасажыраў патрэбны білеты "пра запас", прадаць іх. Дарэчы, набыць у кантралёра квіток можна яшчэ і на прыпыначным пункце, калі там не ўсталяваны кіёск агенцтва "Мінсктранс" або "Белсаюздрука".
Міф 4: Кантралёр павінен паказаць мне дакумент, які пацвярджае, што ён працуе менавіта на гэтым маршруце.
Няпраўда. Гэты дакумент называецца нарад-заданне. Пасажыры часам называюць яго накладной, каштарысам. Згодна са службовай інструкцыяй, кантралёр абавязаны паказваць яго толькі асобам, упаўнаважаным для праверкі дакументаў, і сваім начальнікам. Пасажыру кантралёр павінен прад'явіць бэйдж на камізэльцы і, па патрабаванні пасажыра, пасведчанне супрацоўніка кантрольна-рэвізорскай службы. Кантралёр мае права праверкі любога транспартнага сродку, на любым прыпынку горада Мінска. Але дзеля таго, каб не атрымалася перанасычанасці правяральшчыкаў на адным маршруце і наадварот, недахопу на іншым, раёны горада раздзяляюць паміж брыгадамі кантралёраў. Але гэтая інфармацыя каштоўная толькі для супрацоўнікаў філіяла агенцтва "Мінсктранс". Калі кантралёр адмаўляе пасажыру ў прадастаўленні нарад-задання, ён дзейнічае згодна з законам і нічога не парушае.
Міф 5: Кантралёр — гэта нават не прафесія.
Праўда. Сапраўды, быць кантралёрам грамадскага транспарту нідзе не вучаць. Чалавек абсалютна любой прафесіі можа стаць на барацьбу з "зайцамі".
Міф 6: Усе кантралёры неадукаваныя і дрэнна выхаваныя людзі.
Няпраўда. Зразумела, што адзін гнілы плод псуе ўвесь кошык, але меркаваць пра ўсіх з-за аднаго-двух непрыстойных людзей нельга. У кожнай з прафесій трапляюцца грубіяны, кантралёр не выключэнне. А вось Людміла Мулярчык, з якой я выйшла на працу, у вольны час займаецца вязаннем: шкарпэткі, карункавыя кофтачкі, шалі і сурвэткі — усё гэта яна робіць сваімі рукамі, дорыць родным і сябрам на святы.
Міф 7: Я студэнт першага курса, пакажу кантралёру леташнюю даведку са школы, ён не заўважыць, праеду бясплатна.
Няпраўда. Кантралёры ўважліва глядзяць на даты ў даведцы. Праехаць па старым дакуменце не дазволяць. Але студэнты зараз падрыхтаваныя. Людміла Мулярчык расказвала пра дзяўчыну, якая цікавілася ўлетку, ці будзе восенню бясплатны праезд для студэнтаў. — Калі гарадскія ўлады прымуць такое рашэнне, то будзе, а калі не — бясплатна ездзіць не дазволім. — Тады я буду школьніцай, хоць і вучуся на трэцім курсе. Трэба будзе даведка з фотакарткай? Няма праблем. Дзякуй. У такіх выпадках выкрыць "зайца" сапраўды цяжка. Тым больш што практычна ўсе даведкі, што выдаюць дзецям у школе, без фотаздымкаў. Кантралёры спадзяюцца на сумленне, якое ў студэнтаў, на жаль, калі-нікалі адсутнічае.
Міф 8: Няма грошай — плаціць не буду, выпішуць квітанцыю — няхай, усё роўна мне ніхто нічога не зробіць.
І так, і так. Сапраўды нічога зрабіць безбілетніку кантралёр не можа, акрамя выпісанага штрафу. Сёння сума штрафу складае 20 000 рублёў. Калі грамадзянін адмаўляецца плаціць штраф, кажа, што ў яго няма грошай, то кантралёр мае права папрасіць пашпарт для афармлення квітанцыі для аплаты ў банку. Потым у безбілетніка ёсць пяць дзён на аплату штрафу за сваё адміністрацыйнае правапарушэнне. Калі за гэты час штраф не быў аплочаны, то безбілетнік заносіцца ў пратакол, які адпраўляюць на камісію. Пасля даецца яшчэ некалькі дзён для аплаты. Калі і за гэты перыяд безбілетнік не выканаў свой абавязак, то дакументы пра адміністрацыйнае правапарушэнне перадаюцца ў суд па месцы жыхарства правапарушальніка.
Міф 9: Пашпарт з сабой не нашу, значыць, аформіць квітанцыю кантралёры не змогуць.
І так, і так. Калі безбілетны пасажыр адмаўляецца плаціць штраф, кажа, што пашпарт не носіць з сабой, то кантралёр мае права выклікаць супрацоўніка міліцыі для высвятлення асобы пасажыра, яго пашпартных звестак. Такія выпадкі зараз адбываюцца ўсё часцей.
Міф 10: Трымаю білет у руках: як толькі ўбачу кантралёраў — адразу пракампасцірую яго.
Праўда. Безумоўна, гэта парушэнне правілаў карыстання грамадскім пасажырскім транспартам. Але на прабіванне квіткоў прама перад іх носам кантралёры заплюшчваюць вочы: — Пракампасціраваў — што ты ўжо рабіць будзеш, не за рукі ж хапаць. Нават смешна назіраць карціну, як палова пасажыраў салона адначасова кідаецца да кампосцераў, або як піліп з канапель выскоквае з транспартнага сродку.
Міф 11: Кантралёры толькі і глядзяць, каб як мага больш пасажыраў аштрафаваць.
І так, і так. Зарплата кантралёра ў пэўнай ступені залежыць ад колькасці квітанцый з аплатай штрафу. Але не для ўсіх збіранне штрафаў становіцца мэтай. За адну працоўную змену брыгадзе кантралёраў трэба праверыць 50 адзінак транспарту. У канцы месяца ў кожнага рэвізора за дзень павінна быць па 4 квітанцыі. — Бываюць такія дні, што пасажыры аплачваюць праезд, за ўвесь дзень атрымліваецца дзве квітанцыі. А калі-небудзь і 10 квітанцый можна атрымаць, — расказвае Валянціна Левановіч.
Міф 12: Кантралёры не заходзяць у перапоўнены транспарт.
Праўда. Улічваючы абурэнне пасажыраў, кантралёры вырашаюць не заходзіць у транспартныя сродкі, дзе залішне людзей.
Міф 13: Пракампасціраваны білет трэба папрасаваць — ён будзе як новы.
Няпраўда. Кантралёр адразу заўважыць, што білет ужо быў у карыстанні. Дастаткова проста перагнуць яго папалам — былыя дзірачкі стануць бачнымі.
Міф 14: Сёння я ўжо заплаціў штраф — буду паказваць квітанцыю цэлы дзень у розным транспарце.
Няпраўда. Калі вас аштрафавалі, вы павінны не толькі заплаціць за парушэнне, але і купіць білет на далейшую паездку ў гэтым транспартным сродку. Калі вы не зрабілі гэтага, то, згодна з правіламі праезду ў гарадскім пасажырскім транспарце, вас могуць зноў аштрафаваць за безбілетны праезд у салоне гэтага ж транспартнага сродку, а ў іншым — тым больш.
Міф 15. У кожнага пасажыра ён свой. Хтосьці лічыць, што мае права нагрубіць кантралёру, хтосьці — даць яму цэлы стос пракампасціраваных білетаў — няхай сам шукае патрэбны. Некаторыя пасажыры пачынаюць крычаць на ўвесь тралейбус, што яны беспрацоўныя альбо мнагадзетныя маці. Тым не менш правілы неабходна ведаць. І, безумоўна, у любым выпадку трэба заставацца чалавекам.